История, традиции, достижения

Гісторыя народнай адукацыі ў ваколіцах вёскі Горкі бярэ пачатак з канца ХІХ стагоддзя. Чатыры вёсачкі – Горкі, Савані, Жацерава, Раёўшчына неразрыўна звязаны адным лёсам. На тэрыторыі мікрараёна існавалі прыватныя школы. Будынкаў для заняткаў не было, навучанне вялося па хатах аднавяскоўцаў. Вучні розных узростаў займаліся ў адным класе-камплекце. Разумелі жыхары вёсак, размешчаных на адным беразе невялікай рачулкі Жацераўкі, што будучае ў навуцы.

З гістарычных звестак і ўспамінаў старажылаў вёскі стала вядома, што да вайны прытулак горкаўскім маленькім школьнікам далі Камэра Ануфрый Іванавіч і Марчык Фёдар Канстанцінавіч.

Навучанне перарвала вайна. Толькі некаторыя дзеці з хутароў наведвалі Раёўшчынскую пачатковую школу, а з самой вёскі Горкі – Савонскую. Заняткі аднавіліся ў 1945 годзе, таму і бярэ свой пачатак Горкаўская сямігодка з 1 верасня 1945 года.

Размяшчалася яна ў былым сядзібным доме пана Магнушэўскага. Дом у яго хоць і быў не па-панску шыкоўны, але размяшчаўся ў вельмі прыгожай мясціне, вясною літаральна патанаў у квецені саду, зеляніне насаджаных тут жа ліпавых алей.

Першым дырэктарам быў прызначаны Лобан Міхаіл Іосіфавіч.

У 1950 годзе вучэбным працэсам стаў кіраваць мясцовы жыхар, настаўнік – Агароднік Віктар Сцяпанавіч (за вялікі ўклад у навучальны працэс Агародніку В.С. у 1967 годзе прысвоена ганаровае званне “Заслужаны настаўнік школ БССР”), які самавольна змяніў праект – павялічыў плошчу, таму мы цяпер маем магчымасць усе мерапрыемствы праводзіць у прасторным фае.

Мара мясцовых жыхароў здзейснілася. Сіламі педагагічнага калектыву школьнае памяшканне было пабудавана і гасцінна расчыніла свае дзверы 1 верасня 1958 года.

У школу прыехалі па размеркаванню новыя маладыя настаўнікі.

У 1963 годзе сямігадовая школа была ператворана ў васьмігадовую.

І хутка яе імя загучала.  Быў створаны струнны музычны аркестр, якім кіраваў Пятрухін Анатоль Васільевіч.

Свой талент, энтузіязм, энергію ўклалі ў навучальны і выхаваўчы працэс настаўнікі-прадметнікі: Амельчыц Вера Іванаўна і Мікалай Сцяпанавіч, Война Станіслаў Іванавіч і Любоў Юльянаўна, Агароднік Віктар Сцяпанавіч і Аляксандра Андрэеўна, Маляўка Эдуард Антонавіч і Елізавета Мікалаеўна, Яўсейчык Уладзімір Ігнатавіч і Вера Васільеўна, Гоцкі Генадзь Іосіфавіч і Клаўдзія Васільеўна…

У 1987 годзе ўзначаліў Горкаўскую ВШ Паўлюшчык Міхаіл Нілавіч. Пры яго кіраўніцтве васьмігадовая школа была рэарганізавана ў няпоўную сярэднюю.

У 1989 годзе са Старынскай базавай школы быў пераведзены дырэктарам Шавель Яўген Іванавіч, які знаходзіўся на гэтай пасадзе да 2016 года. Намаганнямі Яўгена

Іванавіча школа ў 1999 годзе стала сярэдняй.

На змену Шавелю Я.І. прыйшла малады дырэктар Ермаловіч Надзея Вітальеўна і ўнесла новы творчы подых у жыццё школы. Будынак школы набыў сучасны выгляд.

Жыццё ва ўстанове адукацыі цікавае, рознабаковае. Кожны вучань мае магчымасць праявіць свае схільнасці і здольнасці.

З 29 жніўня 2022 года ДУА “Горкаўская СШ” узначальвае Гіраеўская Ларыса Аляксандраўна